Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які стаў кіраўніком дзяржавы ў 1994 годзе і які валодае абсалютнай палітычнай уладай, спрабуе прытрымлівацца ў цяперашні час знешнепалітычнага курсу, які змог бы захаваць нацыянальную незалежнасць краіны, нягледзячы на моцную эканамічную залежнасць ад Расійскай Федэрацыі. Гэта дазваляе амаль дзесяцімільённаму насельніцтву Беларусі ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць як унутры краіны, так і за яе межамі, і такім чынам забяспечваць сябе сродкамі да існавання. Беларуская ўлада ва ўмовах абмежаваных эканамічных магчымасцей больш не можа гарантаваць грамадзянам Беларусі неабходны ўзровень жыцця (жыллё, адукацыя, ахова здароўя, пенсійнае забяспячэнне) на аснове кантраляванай дзяржавай эканомікі. Каля аднаго мільёна беларусаў працуюць у Расійскай Федэрацыі, яшчэ адзін мільён — у іншых краінах свету.

Падчас Другой сусветнай вайны Беларусь перажыла велізарныя чалавечыя страты і разбурэнні, аднаўленне каторых ў пасляваенныя гады адбывалася з вялікімі намаганнямі. У гэты ж перыяд шырока падтрымлівалася іміграцыя з іншых частак Савецкага Саюза. Поруч з галоўнымі кіраўніцкімі ваеннымі структурамі ў БССР узнікла галіна цяжкай прамысловасці, якая ў першую чаргу спецыялізуецца на ваеннай тэхніцы і машынабудаванні (вытворчасці будаўнічага абсталявання, трактароў, аўтобусаў), таксама былі ўсталяваны ўніверсітэты з тэхнічнымі спецыяльнасцямі. У сямідзясятыя гады такія гарады як Рыга, Тбілісі і Мінск лічыліся, нароўні з Масквой і Ленінградам, цэнтрамі савецкай імперыі. Напрыканцы васьмідзясятых гадоў пад кіраўніцтвам археолага Зянона Пазняка ўзнік рух за нацыянальнае адраджэнне Беларусі. Разам з рухам за нацыянальную незалежнасць, якое з’явілася пасля Першай сусветнай вайны, яно спрыяла фарміраванню самастойнага беларускага руху за незалежнасць, якое ў гады кіравання Гарбачова (1985–1990) прыцягнула больш за мільён паслядоўнікаў і пазней знайшло сваё ўвасабленне ў партыі Беларускі Народны Фронт.

У сувязі з гэтым 25 сакавіка 2018 года з’яўляецца асаблівай датай: менавіта ў гэты дзень роўна сто гадоў таму была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), якая павінна была стаць увасабленнем ідэі незалежнай беларускай дзяржавы, заснаванай пасля заканчэння Першай сусветнай вайны. Кожны год 25 сакавіка на дэманстрацыі выходзіць дэмакратычная апазіцыя, якая адносіць гісторыю Беларусі да часткі еўрапейскай і выступае супраць рэжыму Лукашэнкі, які разглядае мінулае краіны выключна ў рамках яе савецкай гісторыі і перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У адрозненне ад мінулых гадоў, у гэтым годзе Дзень памяці быў афіцыйна дазволены ўладамі. У парку каля Вялікага тэатра оперы і балета быў праведзены канцэрт, прысвечаны падзеям 25 сакавіка. Больш за васямнаццаць тысяч людзей наведалі гэтае мерапрыемства, падчас якога можна было ўпершыню бязбоязна выкарыстоўваць бела-чырвона-белыя сцягі дэмакратычнай апазіцыі. У гэты ж час незалежны анлайн-партал навін tut​.by апублікаваў серыю рускамоўных артыкулаў, якія былі прысвечаны гісторыі БНР: дзеючай у ёй палітычнай уладзе, усталяваным межам, паходжанню сцяга і герба і іншым гістарычным фактам.

У гэты ж дзень паблізу адбылося яшчэ адно мерапрыемства, прымеркаванае да 25 сакавіка, якое не было дазволена ўладамі. У выніку чаго некаторыя яго ўдзельнікі і арганізатары былі арыштаваныя. Нягледзячы на гэта, стагоддзе з дня заснавання БНР прайшло даволі мірна, чаго з моманту прыходу да ўлады Лукашэнкі ў Беларусі яшчэ ніколі не было. Тое, што звычайна разглядалася б як пратэст і адкрытая канфрантацыя з рэжымам, у 2018 годзе раптам ператварылася ў свайго роду свята. Нават афіцыйнае дзяржаўнае тэлебачанне адмовілася ад рэпартажаў, поўных негатыўнай ацэнкі таго, што адбываецца.

Падзеі 25 сакавіка вельмі паказальныя. Яны з’яўляюцца пацвярджэннем таго факту, што нацыянальная самасвядомасць беларусаў пачала выходзіць за рамкі гісторыі СССР і Другой сусветнай вайны. Пачалося ўсведамленне палітычнай, культурнай і грамадскай сувязі з Літвой і Польшчай, саюз з якімі быў перапынены ў рамках Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1785 годзе і скончыўся інкарпарацыяй Беларусі ў склад царскай Расіі. Погляд беларусаў на гісторыю паступова змяняецца, але пакуль гэта толькі кропля ў моры застылай палітычнай культуры краіны пад кіраваннем Лукашэнкі. 

Варта адзначыць, што святкаванне 25 сакавіка, мэтай якога было нагадаць беларусам аб існаванні калісьці незалежнай ад Расеі дзяржавы, а таксама нежаданне ўлад забараніць і падавіць гэтую дэманстрацыю, падвергнулася жорсткай крытыцы ў расійскіх сацыяльных сетках.

У 2018 годзе адбыўся шэраг іншых падзей, якія толькі пацвярджаюць крызіс палітычнай сістэмы РБ: 

У канцы ліпеня Лукашэнка адмовіўся ад свайго рабочага візіту ў горад Гомель. У сувязі з гэтым у расійскіх і ўкраінскіх мас-медыя тут жа з’явіліся спекуляцыі наконт стану здароўя прэзідэнта, а менавіта ці не пакутуе ён ад якой-небудзь невылечнай хваробы. Нягледзячы на тое, што ўжо праз некалькі дзён чуткі з гэтай нагоды развеяліся, іх стала цалкам дастаткова, каб людзі сур’ёзна пачалі задумвацца пра будучыню краіны без сённяшняга прэзідэнта.

Ці гатовая Беларусь да зыходу Лукашэнкі?”, так называлася перадача на Радыё Свабода. Многія яе ўдзельнікі выказалі свае асцярогі наконт таго, што існаванне Беларусі як суверэннай дзяржавы знаходзіцца пад пагрозай. Прычыны таго былі названыя наступныя: залежнасць палітычнай сістэмы краіны ад аўтарытарнага лідара, знаходжанне ў Беларусі шматлікіх расійскіх агентаў, а таксама адсутнасць нацыянальнай самасвядомасці ў большасці членаў палітычнай эліты РБ. 

У Беларусі таксама нямала тых, хто жадаў бы ўваходжання краіны ў склад Расійскай Федэрацыі. У Пуціна дастаткова беларускіх паслядоўнікаў, да таго ж узровень жыцця ў Расіі ўзрастае хутчэй, чым у РБ.

У сярэдзіне жніўня, паводле ўказу Лукашэнкі адбылося перафармаванне ўрада: прэм’ер-міністр, а таксама яшчэ чатыры міністры былі адпраўленыя ў адстаўку за неэфектыўнае кіраванне і невыкананне ўказанняў прэзідэнта. Новым кіраўніком урада быў прызначаны Сяргей Румас, які да гэтага ўзначальваў “Банк развіцця” (Development Bank).

Перафармаванні ўрада адбываюцца ў Беларусі прыкладна кожныя чатыры гады. Яны праводзяцца акрамя ўсяго для таго, каб умацаваць ролю прэзідэнта ў вачах грамадскасці і паказаць Лукашэнка дзейным прэзідэнтам. 

Новы прэм’ер-міністр мае рэпутацыю паспяховага менеджара. Пасля прызначэння Румаса можна чакаць, што дзеянні ўрада стануць больш эфектыўнымі. З іншага боку, у краіне наўрад ці адбудуцца якія-небудзь глыбокія і радыкальныя перамены ў яе палітычным і грамадскім жыцці. Румас лічыцца эканамічным экспертам і прыхільнікам умеранай лібералізацыі эканомікі. Прыватны сектар спадзяецца, што ад Румаса будуць зыходзіць розныя паляпшэнні палітычных умоў вядзення бізнесу. Новы прэм’ер-міністр стаіць перад няпростай задачай, а менавіта забяспечыць Беларусі эканамічны рост, нягледзячы на магчымыя пагаршэнні стасункаў з Расіяй. Напрыклад, запланаваная ў Расіі падатковая рэформа ў сферы нафтавага сектара, якая прывядзе да падаражэння расійскай нафты ў Беларусі, стане адным з выклікаў для новага прэм’ера. У гэтай сувязі варта адзначыць, што падчас перафармавання ўрада Лукашэнка зняў з пасады прэм’ера Сямашка, які апошнія 15 гадоў вёў перамовы з Расіяй у сферы энергетыкі і энергарэсурсаў. 

Румас плануе весці перамовы з Міжнародным валютным фондам (МВФ) з мэтай атрымання Беларуссю новых крэдытаў, якія неабходныя краіне для выплаты знешніх даўгоў. Падчас гэтых перамоў жаданне МВФ правесці рэформы ў Беларусі заўсёды ставіцца пад пытанне, і супрацоўніцтва з Фондам не аказвае доўгатэрміновага ўплыву на эканоміку і фінансы краіны. Лукашэнка нават асабіста выказаўся наконт неабходнасці хуткага эканамічнага рэфармавання краіны: “Калі эканамічны спад будзе працягвацца, то мы рызыкуем страціць наш суверэнітэт”. 

Гэтая рызыка знайшла сваё прамое ўвасабленне ў асобе новага расійскага амбасадара ў Беларусі – Міхаіла Бабіча. У мінулым Бабіч быў афіцэрам КДБ, пазней прадстаўніком Масквы ў Чачэнскай рэспубліцы, а таксама павераным у Прыволжскай федэральнай акрузе. Першапачаткова Пуцін хацеў зрабіць Бабіча паслом РФ у Кіеве, але Украіна са свайго боку адмовілася. У канцы кастрычніка Бабіч выступаў на беларускім тэлебачанні. У сваім інтэрв’ю амбасадар паведаміў, што любое ваеннае ўмяшанне ў РБ будзе разглядацца Расіяй як напад на ўласную краіну. Дадзеная заява гучыць асабліва ярка ў кантэксце нядаўна абмяркоўваемага магчымага размяшчэння войскаў НАТА на тэрыторыі Польшчы. Словы расійскага амбасадара ўскосна паказваюць на жаданне Расіі размясціць у процівагу НАТА сваю вайсковую базу на тэрыторыі Беларусі, чаму Лукашэнка спрабуе ўсяляк супрацьстаяць цягам многіх гадоў. Можна меркаваць, што са з’яўленнем ваеннай базы на тэрыторыі Беларусі краіна зможа атрымаць дадатковую эканамічную падтрымку з боку РФ. У той жа час дадзенае пытанне пакідае месца для спекуляцый: ці не стане гэта пачаткам прымусовай анэксіі Беларусі ў склад Расійскай Федэрацыі. Палітык беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч лічыць, што падрыхтоўка да аперацыі па анексіі Беларусі ўжо знаходзіцца на фінальнай стадыі: “Далучэнне Беларусі да Расеі – гэта пытанне ўсяго некалькіх месяцаў”, – кажа Статкевіч на сваёй старонцы ў Facebook. 

Эфектыўнасць паліцэйскай дзяржавы ўнутры краіны не страціла сваёй значнасці ва ўмовах напружанасці ў адносінах паміж Расіяй і Захадам. У пачатку жніўня 18 журналістаў былі часова арыштаваныя, галоўным чынам супрацоўнікі вядомага інфармацыйнага партала tut​.by. Журналістам былі прад’яўленыя абвінавачванні ў тым, што яны нібыта ўзламалі інтэрнэт старонку дзяржаўнага агенцтва навін Белта і выкарыстоўвалі скрадзеную інфармацыю без ажыццяўлення адпаведных выплат. Гэтыя абвінавачванні выглядаюць абсурдна: Белта – гэта вельмі далёкая ад незалежнай журналістыкі крыніца навін, таму журналісты tut​.by наўрад ці сталі б выкарыстоўваць якую-небудзь эксклюзіўную інфармацыю з яго. Tut​.by лічыцца найбольш папулярным інтэрнэт-парталам у Беларусі. У месяц яго вэб-старонку наведвае каля 89 мільёна чалавек, у той час як старонку Белта – толькі 4,6 мільёна.

У 2018 годзе ўзрасла колькасць афіцыйных кантактаў паміж Беларуссю, Еўрасаюзам (ЕС) і некаторымі краінамі ЕС. Хоць дадзеныя кантакты і адказваюць інтарэсам і патрэбам краіны, гаварыць аб арыентацыі Беларусі на Захаду пакуль рана.

У сувязі з гэтым канкрэтныя зрухі ў адносінах РБ і ЕС у 2018 годзе не назіраліся. Заснаваная ў 2016 годзе кантактная група ЕС-Беларусь праводзіла рэгулярныя сустрэчы, але пакуль безвынікова. Беларускім парламентарыям да гэтага часу не дазваляецца прымаць удзел у Еўранэсце, які ўяўляе сабой платформу для сустрэчы еўрапейскіх парляментарыяў з прадстаўнікамі краін-суседзяў.

Варта адзначыць, што патэнцыял Беларусі ў дачыненні да развіцця эканамічнага супрацоўніцтва з краінамі Еўрасаюза вельмі малы, асабліва калі ўлічваць тую акалічнасць, што прынятыя да Лукашэнкі яшчэ ў 1996 годзе санкцыі ЕС і ЗША дагэтуль знаходзяцца ў сіле, у тым ліку і адтэрміноўка ратыфікацыі дамовы аб «Партнёрстве і кааперацыі паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім Саюзам». Не меншае значэнне мае негатыўнае стаўленне беларускай эканомікі да інвестыцый з-за мяжы, для прыцягнення каторых дзяржава не стварае неабходных ўмоў, бо гэта супярэчыла б законам планавай, цалкам кантраляванай дзяржавай эканомікі.

Ужо доўгі час вядуцца перамовы аб увядзенні бязвізавага рэжыму для грамадзян Беларусі ў краіны Еўрасаюза або як мінімум аб зніжэнні візавых узносаў. У дадзеным выпадку ЕС пастаянна падвяргаецца крытыцы за тое, што беларусы для атрымання візы павінны плаціць больш, чым грамадзяне РФ, Азербайджана або Арменіі. Аргумент амбасадара адной з Еўрапейскіх краін у Мінску аб тым, што «насталі іншыя часы» гучыць непераканаўча. Юрый Зісер, заснавальнік і ўладальнік tut​.by, выказаўся ў сувязі з гэтым, што калі б цікавасць ЕС у дэмакратызацыі Беларусі суправаджалася не толькі словамі, але і дзеяннямі, то беларусам ужо даўно быў бы дазволены бязвізавы ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза. У адрозненне ад ЕС, Беларусь дазваляе 21-дзённы бязвізавае знаходжанне на сваёй тэрыторыі.

У 2019 годзе будзе ўведзены ў дзеянне першы рэактар Астравецкай атамнай электрастанцыі, якая з’яўляецца сумесным праектам Беларусі і Расіі. У 2020 годзе запрацуе другі рэактар. Агульная магутнасць рэактараў складзе 2400 мегават. Крэдыты на будаўніцтва новай электрастанцыі, якая абышлася ў агульнай складанасці ў 11 мільярдаў долараў ЗША, былі выдадзеныя Расіяй і Еўразійскім эканамічным саюзам. Памятаючы пра падзеі 1986 года (Чарнобыль), насельніцтва Беларусі вельмі занепакоена будаўніцтвам новай электрастанцыі і магчымасцю новай ядзернай катастрофы.

Запуск атамнай электрастанцыі пацягне за сабой перамены ў беларускай эканоміцы. Фінансавая залежнасць ад Расеі набудзе зусім іншую форму.

Значэнне прыроднага газу для энергазабеспячэння і эканомікі паступова слабее. Ці зможа энергія з атамнага рэактара быць прададзеная па выгаднай цане на рынку – гэта адкрытае пытанне. Усё залежыць ад развіцця цэн на нафтавым і газавым рынку, а таксама ад фінансавых выдаткаў на абслугоўванне рэактара. Ад гэтага залежыць, ці здолее Беларусь стаць паспяховым экспарцёрам электраэнергіі. У агульнаеўрапейскіх правілах вядзення бізнесу ў энергетычным сектары Беларусь у цяперашні час удзелу не прымае.

У Трасцянцы, месцы недалёка ад Мінска, пасля шматгадовых работ 29 чэрвеня ў прысутнасці прэзідэнта Беларусі, а таксама прэзідэнтаў Германіі і Аўстрыі, быў адкрыты мемарыял “Дарога смерці” ў памяць аб забітых у лесе Благаўшчына яўрэях з Германіі і Аўстрыі, а таксама аб загінуўшых у гэтых месцах савецкіх грамадзянах. Нямецка-беларуская выстава “Лагер смерці Малы Трасцянец” была даступная як нямецкай, так і беларускай грамадскасці. У рамках ужо шмат гадоў працуючай ў Мінску гістарычнай майстэрні адбываюцца шматлікія сустрэчы, якія служаць для інтэграцыі памяці ў арыентаванае на будучыню супрацоўніцтва паміж народамі дзвюх краін.

Сучасная архітэктурная карціна Мінска з’яўляецца поўнай супрацьлегласцю эканамічнай і духоўнай стагнацыі, якімі працятая палітычная сістэма краіны. Ні паспяховае правядзенне міжнародных спаборніцтваў і чэмпіянатаў, ні арганізацыя платформы для штогадовай сустрэчы дзяржаў-членаў АБСЕ не могуць паўплываць на агульныя настроі ў краіне. Падзеі застаюцца без доўгатэрміновых наступстваў.

У назіральніка з боку можа скласціся такое ўражанне, што Беларусь спынілася ў сваім развіцці дзесьці на ступені позняй савецкай дзяржаўнасці і, як толькі час кіравання цяперашняга прэзідэнта падыдзе да канца, яго ўлада перайдзе да ягонага сына, які стане прадаўжальнікам яго палітыкі.

Разам з гэтым, аднак, імкліва развіваецца незалежнае грамадскае жыццё, у дачыненні да якога назіраецца пэўная памяркоўнасць, да таго моманту, пакуль гутарка не ідзе аб палітыцы. У беларускай грамадзянскай супольнасці развіваецца вытворчы і чалавечы капітал, які ў патрэбны час можа прабіць свой шлях да ўлады.

Рэкамендацыі:

Прымаючы пад увагу вышэйапісаныя прыкметы грамадскага і эканамічнага развіцця Беларусі ў 2018 годзе, рэкамендуюцца наступныя меры:

  • Зняцце візавых абмежаванняў: ЕС з дапамогай хутчэйшага зняцця візавых абмежаванняў павінна паказаць жыхарам Беларусі, што яны вітаюцца ў Еўропе, і тым самым актыўна паспрыяць далейшаму адкрыццю грамадства. Нядаўна ўведзеныя ЕС бязвізавыя рэжымы для такіх краін, як Украіна, Грузія, Малдова прывяло да таго, што грамадская думка пра ЕС у гэтых краінах змянілася ў лепшы бок.
  • Падтрымка прыватных малых і сярэдніх прадпрыемстваў: Прынятая беларускім урадам у 2018 годзе дзяржаўная праграма па развіцці малога і сярэдняга бізнесу ўяўляе сабой набор канкрэтных мер яе правядзення, улічваючы еўрапейскі вопыт падтрымкі сярэдняга класа. Моцны сектар малога і сярэдняга бізнесу дазволіць Беларусі развіваць і ўкараняць інавацыі ў эканоміку, а таксама зніжаць залежнасць ад Расеі і Кітая.
  • Падтрымка крытычнай масы насельніцтва: Незалежныя грамадзяне і арганізацыі, якія крытычна адносяцца да палітыкі,  знаходзяцца пад пастаянным ціскам і з цяжкасцю могуць быць пачутыя. Акрамя таго, яны ўсё яшчэ не могуць абысціся без падтрымкі Захаду. ЕС павінен і далей падтрымліваць незалежных журналістаў, актывістаў, прадстаўнікоў апазіцыі, аналітыкаў, навукоўцаў, прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый і культурных дзеячаў, бо яны з’яўляюцца важным грамадскім капіталам для пост-аўтарытарнага перыяду ў Беларусі.
  • Усведамленне магчымасці страты Беларусі яе суверэнітэту: Дэструктыўная і агрэсіўная палітыка РФ у краінах Усходняй Еўропы ставіць пад пагрозу незалежнасць Беларусі, асабліва ў тым выпадку, калі Беларусь вырашыць пайсці па шляху інтэграцыі з ЕС.  Еўропа павінна ўсведамляць не толькі прысутныя на сённяшні дзень пагрозы для беларускай дзяржаўнасці, але і тую ролю, якую адыгрывае суверэнная Беларусь для геапалітыкі Еўропы. Усё гэта павінна быць вядома не толькі палітыкам, але і грамадскасці. Паглыбленне адносін з боку Захаду павінна быць захавана, калі гэта ўмацоўвае дэмакратыю, правы чалавека і грамадскае прастору ў Беларусі. 

Берлін, студзень 2019 г.

Праўленне:

Доктар Ханс-Георг Вiк
Штэфанi Шыфер
Крыстоф Бэкер
Штэфан Малерыус