Стратэгiчная папера 2015 г.

Published by Menschenrechte in Belarus on

11 кастрычнiка 2015 г. у Беларусi адбылiся прэзiдэнцкiя выбары. Чарговая «перамога» Лукашэнкi ў фальсiфiкаваных выбарах нiкога не здзiвiла. Яшчэ больш была ўдасканалена практыка манiпуляцыi выбараў. Знешнепалітычныя абставіны спрыяюць падвышэнню прэстыжу рэжыма на еўрапейскай арэне. Ў заходняй грамадскасцi амтрымалася выклікаць адчуванне паляпшэння рамачных умоваў выбараў і іх правядзення. Пры гэтым мала хто разумее, што гэта самаабман.
Мiжнароднае становiшча Беларусi на дадзены момант адзначаецца неакрэсленасцю ў стратэгiчным плане, а таксама хранiчна крытычнай сiтуацыяй у эканамiчнай сферы. Дзякуючы нядаўнiм стратэгiчным зрухам, Захад пачаў паступова памякчаць мiжнародную iзаляцыю краiны, якая цягнулася з 1996 г., i заявiў пра сваю гатоўнасць часткова супрацоўнiчаць з рэжымам. Гэта нясе з сабою ня толькi разнастайныя магчымасцi, але i звязана з пэўнай рызыкай. Для абгрунтавання змены свайго палiтычнага курса Эўропа выкарыстоўвае аргумент пра паляпшэнне хода выбараў у Беларусi ў кастрычнiку 2015 г. Такое тлумачэнне згубна для ўласнага аўтарытэта Эўропы. Самi па сабе выбары ня могуць служыць грунтам для паляпшэння стасункаў з Лукашэнкам. Сапраўднымi прычынамi змены палiтычнага курса Эўропы з’яўяюцца стратэгiчныя, г. зн. уласны iнтарэс.
Афiцыйны вынiк прэзiдэнцкiх выбараў 2015 г. прыкрывае сапраўдныя вынiкi галасавання, факты фальсiфiкацыi выбарных спiсаў i фактычную колькасць тых, хто не прагаласаваў. Мноства асобных выпадкаў, зафiксаваных незалежнымi назiральнiкамi, дазваляе зрабiць абгрунтаванае меркаванне, што ў сталiцы Лукашэнка набраў толькi палову галасоў выбаршчыкаў, што «супраць усiх» прагаласавала каля 20 % мiнчукоў, а канкурэнт дзеючага прэзiдэнта на выбарах Таццяна Караткевiч, якая, па афiцыйных вынiках, набрала ўсяго 4,43 % па краiне, магла бы атрымаць 20 % галасоў выбаршчыкаў. Рэальныя, нефальсiфiкаваныя вынiкi выбараў адпавядалi бы, такiм чынам, вынiкам апытанняў, якiя напярэдаднi выбараў праводзiлiся «Незалежным Iнстытутам сацыяльна-эканамiчных i палiтычных даследванняў (НIСЭПД, Мiнск-Вiльня, прафесар Манаеў).
Бясспрэчным у сенняшнiх умовах з’яўляецца меркаванне пра тое, што насельнiцтва Беларусi ў сваей большасцi па розных прычынах падтрымлiвае Лукашэнку. Сярод пераважнай часткi жыхароў краiны распаўсюджана думка, што сацыяльныя i эканамiчныя ўмовы ў Беларусi нашмат лепшыя, чым ва арыентаванай на Захад Ўкраiне. Лукашэнка, якi ў пэўнай ступенi з’яўляецца нязручным партнэрам для Расеi, у вачах шмат якiх беларусаў увасабляе гаранта незалежнасцi краiны ад прэтэнзiй Масквы з яе магчымымi планамi анэксii.
Гвалтоўныя меры ціску і пераследу супраць апазiцыi, уключна кандыдатаў на пасаду прэзiдэнта, пасля выбараў 19 снежня 2010 г. яшчэ балюча адгукаюцца ў памяці многіх беларусаў. З той пары сярод тых, каго баiцца Лукашэнка, маюцца палiтвязнi. Iх зняволянне i ўтрыманне за кратамi ён выкарыстоўвае як сродак запужвання патэнцыйных «парушальнiкаў спакою». Тым ня меньш, у жнiўнi 2015 г. Лукашэнка вызвалiў апошнiх палiтвязняў, у т.л. Мiколу Статкевiча – супрацiўнiка Лукашэнкi i «вязня сумлення». Патрабаваная Захадам юрыдычная рэабiлiтацыя, аднак, не адбылася.

Беларусь i Расейская Фэдэрацыя

Стратэгiчнае становiшча Беларусi ў параўнаннi з рамачнымi ўмовамi 2010 г. iстотна змянiлася. Гэта адбылося пасля процiзаконнай анэксii Крыма ўвесну 2014 г. i створаных гвалтоўным шляхам пры дапамозе расейскага эканамiчнага i ваеннага ўмяшання «аўтаномных» сепарацiсцкiх вобласцяў ва Ўсходняй Украiне. Гэтыя змены адбываюцца на фоне фiнансава-эканамiчнай залежнасцi Беларусi ад Расеi, якая ўсё больш павялiчваецца.
Прарасейская i антызаходняя палiтыка Лукашэнкi, якую ён праводзiў апошнiмi дзвюма дзесяцiгоддзямi, парадзiла пласту патэнцыйна небяспечнага для няго насельнiцтва ва ўласнай краiне, паколькi Масква ў ходзе сваёй неаiмперскай палiтыкi ў адносiнах да былых савецкiх рэспублiк можа кожным момантам скарыстаць яе ў сваiх стратэгiчных мэтах. Беларуская эканомiка знаходзiца ў залежнасцi ад прамых i ўскосных расейскiх субсiдый. Эканамiчна-палiтычны курс дзяржавы базiруецца на цэнтралiсцкам падыходзе, асноўным матывам якога з’яўляецца ўтрыманне ўласнай улады Лукашэнкi, i таму гэты падыход для няго неад’емны. Дзяржаўны кантроль над эканомiкай перашкаджае эканамiчнай палiтыке, якая магла бы прыцягваць непасрэдныя iнвестыцыi з Захаду. Прадукцыя ўстарэлых дзяржаўных прадпрыемстваў губляе ў Расеi магчымасцi збыту, асаблiва пасля эканамiчнага спаду, якi там зараз назiраецца. У рамках Эўразiйскага Эканамiчнага Звязу Беларусь увесь час вымушана сутыкацца з канкурэнцыяй iншых краiн-удзельнiц Звязу.
Расейская прапаганда знаходзiць станоўчы водгук у значнай часткi насельнiцтва Беларусi.
Дзяржаўны кантроль над сацыяльнай, адукацыйнай сiстэмамi i сiстэмай па ахове здароўя iстотна знiжае iх эфектыўнасць. Акрамя таго, падае прадукцыйнасць дзяржаўнай эканомiкi. На гэтым фоне ў Беларусi з’ўляюцца i развiваюцца прыватныя эканамiчныя iнiцыятывы, якiя арыентаваны на Захад, але ў той жа час не ўступаюць у апазiцыю да рэжыму. У нефармальным сектаре ўсё больш актыўнымi становяцца прыватныя сямейныя эканамiчныя iнiцыятывы, якiя шмат у якiх выпадках суправаджаюцца прафесiйнай дзейнасцю за мяжой. Гэта з’яўляецца спробай запоўнiць дэфiцыты беларускай эканомiкi i рэалiзаваць не запатрабаваны ў Беларусi прафесiйны патэнцыял. I ў той жа самы час грамадзяне атрымлiваюць вопыт дзейнасцi ў рамках свабоднага рынка.
Хiсткае перамiр’е ва Ўсходняй Украiне, заключанае i падпiсанае ў Менску ў лютым 2015 г. пры непасрэдным садзейнiчаннi канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель i прэзiдэнта Францыi Франсуа Аланда з аднаго боку i прэзiдэнтаў Украiны i Расеi (Парашэнка i Пуцiна) з iншага боку i замацаванае пры падтрымцы АБСЭ ў дагаворы пра перамiр’е памiж канфлiктуючымi бакамi, узняла аўтарытэт Лукашэнкi ў сусветным супольнiцтве. Аднак Лукашэнка не з’яўляецца партнэрам дагавору i таму яго не належыць разгледжваць як пасрэднiка перамоваў. З прычыны рызыкi магчымай расейскай агрэсii ў дачыненнi да Беларусi, здабыванне мiжнароднага прэстыжу ўяўляе сабой хоць i абмежаванае, але ўсё ж такi ўзмацненне сваёй пазiцыi ў адносiнах ня толькi да Масквы, але i да Захаду. У сваiх выказваннях з самых розных нагод Лукашэнка не аднойчы падкрэслiваў, што не прызнае анi анэксii Крыма, нi адасаблення дзвюх грузiнскiх правiнцый у самастойныя дзяржавы. Насуперак чаканням i патрабаванням з Масквы, ён па-ранейшаму не прызнае самастойнасць гэтых «дзяржаў». На сённяшнi дзень Масква i Мiнск канфлiктуюць па пытаннi пра стварэнне чарговай расейскай паветранай базы ў Беларусi i – у тым выпадку, калi гэта вырашыцца станоўча для Расеi – пра яе дыслакацыю адносна межаў з Украiнай.
Актуальныя апытаннi грамадскай думкi ў Беларусi (стан на лiпень 2015 г.) пацвяржаюць тэндэнцыю да спаду вытворчасцi эканомiкi i пэўнасцi сацыяльных iльгот, якiя дзяржава гарантуе грамадзянам. У той жа самы час вынiкi апытанняў сведчаць пра тое, што насельнiцтва Беларусi аддае перавагу партнэрству з Расеей, а не супрацоўнiцтву з Эўропай. Такiм чынам, можна казаць пра iстотную рознiцу памiж Беларуссю i Ўкраiнай, якая заключаецца ў стратэгiчнай арыентацыi iх курса.

Мiнск i Ўсходняе Партнэрства Эўрапейскага Звязу

Ненастойванне Лукашэнкi на сваім удзеле ў самiце Ўсходняга Партнэрства ў Рызе ў травенi 2015 г. была ва ўзаемных iнтарэсах бакоў.
Захад прымяняе ў дачыненнi да Лукашэнкi палiтыку санкцый, паколькi з 1994 па 1997 г.г. прэзiдэнт Беларусi зрабiў усё магчымае, каб у коранi знiшчыць зародкi дэмакратычнай культуры ў краiне i замянiць яе нэааўтарытарным, каб не сказаць камунiстычным рэжымам, якi ён, дзякуючы расейскiм субсiдыям, утрымлiвае па сённяшнi дзень. Уяўленне Лукашэнкi пра беларускiх грамадзян усё больш разыходзiцца з тым, як гэтыя беларусы, якiя выраслi ў аўтарытарнай дзяржаве, адчыняюцца за межамi сваёй краiны i праяўляюць сябе ў палiтычнай культуры эўрапейскiх краiн.
Усходняе Партнэрства застанецца безвынiковым у сваiх стратэгiчных перспектывах да той пары, пакуль не адбудзецца вяртання да Рымскiх дамоваў Эўрапейскай Супольнасцi 1957 г. Неабходна заявiць пра iх рэлевантнасць у дачыненнi таксама i да Ўсходняй Эўропы, i ў першую чаргу падкрэслiць, што гэтая супольнасць з’яўляецца адчыненай для членства краiн Эўропы, якiя падзяляюць эўрапейскiя грамадскiя, эканамiчныя i культурныя каштоўнасцi i эфектыўна рыхтуюць сваю краiну да рамачных умоваў эўрапейскага рынка. Сiгналiзуючы прынцыповую гатоўнасць кiравацца гэтымi прынцыпамi Эўрапейскай Супольнасцi (якая ў той час складалася з шасцi краiн), Эўрапейскi Звяз прадэманстраваў бы легiтымнасць iмкнення iншых краiн – у дадзеным выпадку ўсходнеэўрапейскiх – да iх членства ў ЭЗ.
На дадзены момант складаецца ўражанне, што Эўрапейскi Звяз – па тых цi iншых прычынах – лiчыць за лепшае ня ўзгадваць пра Рымскiя дамовы ў дачыненнi да краiн Усходнягя Партнэрства. Гэта пасяляе ў нiх недавер, якi не ўдаецца развеяць.
Трансфармацыйны працэс ва Ўсходняй Эўропе, якi пачаўся з падпiсання Парыжскай хартыi 21 лiстапада 1990 г. у вынiку Нарады па бяспецы i супрацоўнiцтву ў Эўропе, i ў якiм удзельнiчалi кiраўнiкi дзяржаў i прадстаўнiкi краiн Эўропы i Паўночнай Амерыкi, можа быць прытарможаны аўтарытарнымi дзяржавамi, якiя паявiлiся незаконным шляхам, але цалкам яго спынiць немагчыма. Гэта натуральны гiстарычны працэс эмансiпацыi грамадзян ад адсталай i не вытрымлiваючай у сённяшнiх умовах глабальных стасункаў сацыяльна-эканамiчнай i палiтычнай сiстэмы, якая грунтуецца на гвалтоўнам i незаконнам захопе i ўтрыманнi ўлады.
Цалкам магчыма, што з-за актуальных выпрабаванняў i задач, якiя стаяць перад ЭЗ (канфлiкт Украiны з Расеяей, крызiс эўра, рух бежанцаў) у Эўропы не хопiць сiл i магчымасцяў на карэнную змену курса. Аднак гэта часовы феномен, а не перанясення на доўгi тэрмiн задач Эўрапейскага Звязу.

Моц Беларусi ў яе грамадзянскай супольнасцi

Беларуская грамадзянская супольнасць з’яўляецца праваднiком Эўрапейскага Звязу ў краiне i носьбiтам яго каштоўнасцяў. Грамадзянская супольнасць Беларусi выкарыстоўвае ўсе магчымасцi, якiя ёй дае Форум Грамадзянскай Супольнасцi Ўсходняга Партнэрства. Праблематычным з’яўляецца здзяйсненне эфектыўных далейшых праграм.
У гэтым пункце Эўрапейскаму Звязу неабходна тэрмiнова распачынаць дзейсныя крокi. Цесныя межы магчымасцяў развiцця ў Беларусi перашкоджаюць дзейнасцi грамадзянскай супольнасцi. Прастор для дзеянняў ёсць там, дзе партнэрам забяспечваюцца афiцыйныя працоўныя месца ў Беларусi, як, напрыклад, выкладанне моваў па праграме DAAD альбо ў грамадскiх праэктах, якiя каардынуюцца бюро IBB Менска.
Варта задумацца пра тое, каб пад старшынством Нямеччыны ў АБСЭ ў 2016 г. iнтэграваць структуры беларускай грамадзянскай супольнасцi ў працэс абмеркавання грамадска-палiтычных тэм, такiх як раўнапраўе мужчыны i жанчыны, недапушчэнне дыскрымiнацыi па рэлiгiёзных, этнiчных i расавых матывах, грамадзянскiя правы чалавека на свабодныя i справядлiвыя выбары i абарона правоў меншасцяў. Неабходна паставiць гэтыя пытаннi ў парадак дня. У мiнулыя часы – ў 1990-х-пач. 2000-х г.г. – недзяржаўныя арганiзацыi, напрыклад, аб’яднанне па правядзенню назiрання за мясцовымi выбарамi маглi прымаць удзел у дэбатах i абмеркаваннях з прадстаўнiкамi ўлады на штогадовых паседжаннях Бюро па дэмакратычных iнстытутах i правах чалавека (БДIПЧ).

Прагматызм i вернасць прынцыпам

Эўропа практыкуе ў дачыненнi да Беларусi прынцып прагматызма. Ён, аднак, спыняецца там, калi рэжым бесчалавечным чынам прымяняе сваю ўладу да iншадумцаў i блакiруе, такiм чынам, магчымасцi ўзаемавыгаднай кааперацыi, напрыклад, у такiх галiнах, як палягчэнне вiзавага рэжыму (аж да выдачы бясплатных вiз), а таксама ў сацыяльнай i грамадзянскай актыўнасцi (ад абароны правоў чалавека да працы з iнвалiдамi). Аб’яднанне «Правы чалавека ў Беларусi» прыклала вельмi шмат намаганняў для заснавання «Цэнтра трансфармацыйных даследванняў» пры Эўрапейскiм Гуманiтарным Унiверсiтэце ў Вiльнi. Мэтай адкрыцця гэтага Цэнтра было стварэнне новай прасторы для ўзаемадзеяння з Эўрапейскiм Звязам на доўгатэрмiновую грамадска-эканамiчную i палiтычную перспектыву i развiццё новай прагрэсiўнай мадэлi будучынi. Праэкт выклiкае зацiкаўленасць як з боку Эўрапейскага Звязу, так i з боку розных фундацый. З прычыны ўнутраных праблемаў, звязаных з назначэннем новага рэктара i магчымымi фiнансавымi парушэннямi ў адмiнiстрацыi ЭГУ, гэты праэкт фактычна замарожаны. У тым выпадку, калi пацвердзяцца справаздачы пра адмiнiстратыўныя i фiнансавыя парушэннi, падтрымка ЭГУ Эўразвязам, якi на сённяшнi дзень з’яўляецца найважнейшым партнэрам для пошука мiжнародных фундатараў для ЭГУ, апынецца пад пагрозай. Праверку праводзiць Паўночны Савет, адказны за эўрапейскiя сродкi, прызначаныя для ЭГУ.
У рамках праграмы супрацоўнiцтва з грамадзянскай супольнасцю краiн Усходняга Партнэрства i Расеяй, iнiцыяванай Мiнiстэрствам замежных справаў ФРН, аб’яднанне «Правы чалавека ў Беларусi» правяло ў жнiўнi 2015 г. васьмiдзённую летнюю школу са студэнтамi i маладымi спецыялiстамi з Беларусi, Украiны i Нямеччыны на тэму «Значэнне сацыяльнай рыначнай эканомiкi для працэсаў рэфармавання i грамадзянскай супольнасцi ў Беларусi i Ўкраiне». На 12 месцаў было пададзена больш за 170 заявак.
Беларусь са сваёй закаснелай дзяржаўнай эканомiкай i аўтарытарнымi палiтычнымi структурамi ня мае мабiльнасцi ўнутры краiны, а звонку яна стратэгiчна залежна ад Расеi. Гэта з’яўляецца патэнцыйнай, а магчыма, ужо i фактычнай пагрозай яе iснавання.
Эўрапейскаму Звязу i дзяржавам-члонкам ЭЗ варта забяспечыць краіне, якая ў тым ліку і ў фінансавым дачыненні залежыць ад Расеі і ЕЎРАЗІЙСКАГА БАНКУ РАЗВІЦЦЯ, свабоду крэдытнага манеўра з тым, каб супрацьдзейнiчаць гэтай залежнасцi i даць ёй стымул для iстотных эканамiчных рэформаў.
Насельнiцтва Беларусi, нягледзячы на свой скептыцызм у адносiнах да канцэпцыi адчыненага грамадства i плюралiстычных дэмакратычных дзяржаўных структураў, у iндывiдуальнай i прадпрымальнiцкай дзейнасцi паказвае здольнасць да iнавацый, самастойнасцi i якаснай прадукцыi – i гэта ў жорсткiх аўтарытарных умовах дзяржаўнага кантролю. Такая рэальнасць дае наведвальнiкам Беларусi i яе дзелавым партнэрам надзею на лепшую будучыню краiны i яе жыхароў у Эўропе.
Эўрапейскаму Звязу варта садзейнiчаць адчыненню беларускага грамадства праз iнтэнсiўны абмен i ўвесцi з гэтай мэтай – калi неабходна, i ў аднабаковым парадку – як мага больш шырокiя практыкi палягчэння магчымасцяў для вандровак для беларускiх грамадзян.

Берлiн, лiстапад 2015 г.

Доктар Ханс-Георг Вiк (старшыня)
Штэфанi Шыфер – Крыстоф Бэкер (намеснiкi старшынi)
Штэфан Малерыус (засядальнік)